Пераправа - Страница 2


К оглавлению

2

Пасля Барадзіно ён лічыў, што бачыў у жыцці ўсё. Досыць. Вайна не для яго. Адзінае, што цікавіць яго далей, — ён сам. Інакшы ён ці такі, як усе?

— Я інакшы, — прамармытаў ён.

— Крыху гучней, — нагнуўся да яго хтосьці з афіцэраў.

— Так, нічога, — ён расплюшчыў вочы і зразумеў, што апошнія словы сказаў уголас. Яго шырокі твар перасмыкнуўся. «Толькі не хапала адкрыць усім гэтым спрытнюгам свае думкі».

Раптам пачуліся невыразныя крыкі, бразнулі дзверы, падзьмула холадам. У хату нязграбна ўваліўся капрал у падраным мундзіры пад такім жа заношаным шынялём, але ў новых ботах.

— Спаймалі яшчэ аднаго, — далажыў ён.

— Хто такі? Дзе? — прыўзняўся капітан.

— Хаваўся ў лесе, — глытаючы словы, пачаў капрал. — Салдаты хацелі забіць, але ж ваш загад — спачатку ўсіх весці сюды. Я не даў.

— Дарэмна не даў, — раптам пазяхнуў капітан. — Бадай, цяпер можна і не весці.

Ён выцягнуў з кішэні гадзіннік, зірнуў на яго і ўталопіўся ў дзверы.

У хату ўцягвалі высокага дужага селяніна з сухім, гожым тварам, у кашулі, портках, лапцях.

— А дзе яго вопратка? — здзівіўся капітан. — Так і хаваўся голы? Дзе яго футра?

Капрал і салдаты сумеліся, глядзелі адзін на аднаго, нібы не разумелі, пра што ў іх пытае капітан. Кажух і ўсё цёплае яны даўно падзялілі.

— Падлаеды! — вылаяўся капітан. — Прэч адсюль, а яго пакіньце!

Селянін сутаргава пацёр далоні і агледзеў усіх у хаце. З-пад светлых пасмаў насцярожана бліснулі вочы.

— Як ты мяркуеш, гэты ліцвін лазутчык ці не? — звярнуўся капітан да найміта. — А можа, ён не ліцвін? Спытай у яго. Папрактыкуйся, бо ў цябе апошні выпадак. Я чакаю важную вестку, — капітан пачынаў відавочна пасміхацца. Востранькі тварык найміта-перакладчыка, які, пэўна, не разумеў жартаў, наадварот, быў сур’ёзны і паважны.

— Тутэйшы? — спытаў найміт па-мясцоваму.

— Адсюль, — расцяў вусны селянін. — З гэтай вёскі, пан афіцэр.

— Як назва вёскі?

— Студзёнка, пан афіцэр.

— Чаму ты адзін, дзе астатнія жыхары?

— Паўцякалі, мяркую.

— Ты яшчэ мяркуеш, быдла! — незалюбіў перакладчык. — Скажы праўду: цябе сюды нехта прыслаў? Што ты павінен тут выведаць?

— Я сам прыйшоў.

— А навошта, калі ўсе ўцяклі? Чаму адзін ты вярнуўся?

— Хату разбурылі. Хацеў паглядзець.

Усе, у тым ліку і інтэндант, прыслухоўваліся да незнаёмай гаворкі. Капітан наліў сабе віна, спытаў:

— Ну, што ён?

— Як тая каза, — сказаў перакладчык.

— Чаму — каза? — спытаў лейтэнант, якога звалі Шарлем.

— Калі казу нешта напужае, — засмяяўся перакладчык, — яна заўсёды вяртаецца, каб паглядзець, што гэта было. Так і ён.

— Лухта, — сказаў капітан, — жаночая ж звычка. А вось вопратку яго не пашкодзіла б праверыць дасканала. Мо які знак зашыты. Але ж дзе яе зараз шукаць, тую вопратку? Мусіць, капрал прадаў яе.

— Дык нічога не ведаеш? — спытаў перакладчык.

— Не ведаю, пан афіцэр.

— Не ведаючы шкодзіць — на гэта ўся ваша хеўра здатная.

— Што такое хеўра? — схамянуўся капітан.

Перакладчык тузануў галавой, але потым зноў уталопіўся вачамі ў твар палоннага.

— Адпусціце! — з пачуццём уласнай годнасці сказаў селянін.

— Спачатку ўсё раскажаш. А калі запамятаваў што-небудзь, мы табе пяткі галавешкай падагрэем.

— Пан афіцэр не зробіць такое.

— Салодка спяваеш, ды морда злая! — зазначыў перакладчык. Ён яўна пераймаў капітана. Апошнія словы былі для ўсіх і прагучалі па-французску.

— Так, — пацвердзіў капітан. — Там, дзе я нарадзіўся, гаварылі: дробнай рыбіне не варта гуляць з вялікімі — гэта небяспечна. Хап — і няма яе! А калі і была, дык хто дакажа?

За дзвярыма зазвінеў бляшаны посуд, на падлогу зваліўся квасны карэц — дзверы расчыніліся, і на парозе заззяў радасны твар хударлявага ад’ютанта па спецыяльных даручэннях.

— Ха-ха-ха! Рускія клюнулі! — рагатаў ён. — Усё-такі клюнулі, мой капітан! Яны адыходзяць: іх вогнішчы тухнуць… Берцье пра ўсё далажыў імператару.

— Ага! Я так і ведаў! — падхапіўся з лаўкі капітан. — Вось цяпер мы ім пакажам, дзе сапраўдная пераправа, возьмем рэванш за адступленне. Мая місія скончана, — кіўнуў ён ад’ютанту, звярнуўся да перакладчыка: — Што там?

— Нічога цікавага, — па-французску адказаў той. — Пэўна, селянін з мясцовых. — Ён пераказаў змест допыту.

— Бандыт, — раўнадушна падагульніў капітан. — Расстраляць! Эй! — гукнуў салдатам. — Выконвайце!

Інтэндант уважліва разглядаў затрыманага. Ён успомніў, што рэкруты-ліцвіны з мясцовай губерні паказалі сябе мужнымі салдатамі пад Барадзіно. «Гэтым варварам усё роўна — што жыццё, што смерць», — сказаў тады нехта ў штабе Дару. «Такімі і павінны быць сапраўдныя салдаты, — буркнуў на тое маршал. — Армія існуе, каб загінуць».

— Пачакайце, Жэрар, — звярнуўся ён да капітана. — Не забівайце яго, адмяніце загад. Гонару ні вам, ні імператару — забіць чалавека без зброі. Эй вы, хвіліну!

— Дарагі Анры, я выконваю загад.

— Лухта, капітан.

— Гэта лазутчык! — капітан п’яна тыцнуў пальцам у палоннага. — У мяне нюх, як у сабакі. Спудлаваць у апошні момант — не!

— Адмяніце загад! — раптам устаў з лаўкі інтэндант.

— Цьфу, — плюнуў той. — Я магу расстраляць і вас, нягледзячы на вашы паперы! Не суньцеся не ў сваю справу!

Падрапаны твар інтэнданта пайшоў плямамі.

— Маўчаць! — зароў ён. Рука ўжо цягнула нечы палаш. — Маўчаць, альбо я вас выклікаю!

Капітан ускочыў з лаўкі, п’яна пахіснуўся, пацягнуўся да зброі.

— Казакі! — закрычалі за дзвярыма.

2