Пачуліся стрэлы, дзынкнула, рассыпалася шыба. Усе, адпіхваючы адзін аднаго, пачалі выскокваць з хаты.
З лесу лавай выскачылі коннікі, з віскам рынулі на салдат, на вогнішчы. Лаянка, крыкі, стрэлы — усё злілося ў гвалт і лямант.
«Калмыкі», — вызначыў інтэндант. Ён ведаў, што яны не асноўныя сілы конніцы рускіх, а невялікія атрады, якія сноўдалі па тылах, наводзячы паніку. «Але ж, калі прарвуцца, пасякуць шаблямі», — падумаў ён, выцягнуў з сакваяжа пісталеты, узвёў куркі.
Апошні час вопытныя ў такіх справах салдаты хутка, як заўсёды ў хвіліны небяспекі, занялі абарону. Пярэднія ўкленчылі, выставілі штыкі. Заднія пачалі бязладна страляць з ружжаў. Конныя рассыпаліся па баках, некалькі звалілася. Інтэндант чакаў з пісталетам напагатове. Раптам трохвуголка зляцела з галавы. Стралялі па ім. «Што такое? — мільганула думка. — Чаму ззаду?» Усё навокал мітусілася, мільгацела, нібы ў патрывожаным асіным гняздзе. Калмыкі зніклі раптоўна, як і з’явіліся. Ён падняў трохвуголку, разгледзеў дзірку. Нападалі з лесу, чаму ж стралялі ззаду?
«Дзе мае сані і куды знік Франсуа?»
Азіраючыся, паволі пайшоў назад, да хаты. Ён ішоў і разважаў, чаму вяртаецца туды, дзе яму, здавалася, няма чаго больш рабіць. I ўрэшце знайшоў адказ. Ён вяртаўся, каб капітан не палічыў яго баязліўцам.
Дзверы ў хату былі расчынены. «Пэўна, няма нікога», — падумаў ён і ступіў за парог.
У печы дагарала галлё. Яшчэ было досыць светла, і ён адразу ўбачыў ля акна капітана, які назваў сябе Жэрарам. Той ляжаў тварам уніз. Побач валяўся пісталет.
Інтэндант укленчыў і асцярожна дакрануўся да яго. Капітан быў мёртвы.
«Д’ябальскія жарты», — падумаў ён. Але што такое? За спінай ён адчуў шолах, азірнуўся і ўздрыгнуў.
У закутку за печчу, наставіўшы на яго пісталет, сядзеў на падлозе ліцвін.
— Не варта крычаць ці хапацца за зброю, — па-французску сказаў былы вязень. — Я страляю хутчэй!
Ашаломлены інтэндант адразу зразумеў усё. Ліцвін быў сапраўдным лазутчыкам.
— Хто вы?
— Я афіцэр рускай арміі, — загаварыў той, — я паранены. У яго, — ён кіўнуў на труп капітана, — было два пісталеты. Ён страляў праз акно. Калі ўсе выбеглі адсюль, я стаў за дзвярыма.
«Страляў у мяне», — падумаў інтэндант пра капітана.
Ліцвін апусціў пісталет і скрыгатнуў зубамі.
— Яны мелі рацыю, затрымаўшы мяне, і яны зараз вернуцца, — прамармытаў ён. — Няўдала ўсё.
— Пакажыце рану, — падхапіўся інтэндант.
— Не падыходзьце, — узняў зброю лазутчык.
Інтэндант спыніўся.
— Я сапраўды ліцвін, таму і адпаведны маскарад, — сказаў лазутчык. — Калі трапіце ў палон, раскажыце пра мяне, у вас будзе прывілея.
— Дарэмна, — запярэчыў інтэндант. — Імператар перахітрыў усіх вас, і спадманная пераправа…
— Не дапаможа, — перапыніў яго лазутчык. — Хаця мы і не прагледзелі. Ратуйце жыццё.
— Што ж рабіць? — спытаў інтэндант.
— Ідзіце адсюль і хутчэй, — сказаў лазутчык, — бо я магу страціць прытомнасць, а жывым трапіць у іх рукі мне нельга.
— Вы мужны чалавек, — сказаў інтэндант. Ён зразумеў, што заставацца тут яму сапраўды небяспечна. Ён выбег з хаты і раптам праз некалькі крокаў і секунд, якія цягнуліся, як вечнасць, пачуў тое, што міжволі чакаў, — глухі гук стрэлу ў хаце. Ён здрыгануўся.
Спакваля сутонела. Наваколле нагадвала вялізны мурашнік. Паўсюдна завіхаліся салдаты. Зырка палалі вогнішчы, вушы праціналі крыкі каманд.
Раптам нехта крануў яго за руку. Побач стаяў перапалоханы дзяншчык.
— Я ўсё выведаў, — зачасціў ён. — Тут побач штаб і абозы — усё разам. Паехалі, месье!
Паступова супакойваючыся, інтэндант пакрочыў да саней. Яшчэ раз азірнуўся напаследак.
Стаяла на сваім месцы хата, па-ранейшаму накрытыя радном, ляжалі трупы, як ён цяпер ведаў — ахвяры людзей капітана Жэрара. Такой жа ахвярай мог стаць і ён сам. Толькі зараз ён уявіў велічыню небяспекі.
Лагер Дару быў непадалёку. На паляне размясціліся рэшткі раскіданага інтэнданцкага ведамства — усё, што дакацілася да Бярэзіны. Усе былі заняты падрыхтоўкай да пераправы.
— Анры! — закрычаў нехта. — Дзе ты бадзяешся? Мо пабываў у палоне?
Да яго, смеючыся, падыходзіў Андрэ Дам’е, высокі, бялявы, востры на язык. Следам — Жан Вірэ — афіцэр прыкладна яго ўзросту.
Ён паціснуў рукі знаёмым са штаба Дару. Адчуў, што стомлены страшэнна. Хацелася спаць.
Дару было не да яго. Мімаходзь прагледзеў пошту, прабурчаў нешта, махнуў рукой, адсылаючы.
Ноччу ўдарыў мароз. Каля вогнішчаў спалі ўпокат, варушыліся, стагналі, трызнілі салдаты. На небе ліхаманкава зіхацелі зоркі. Інтэндант неўзабаве прачнуўся ад холаду, грэўся побач з салдатамі. Да раніцы ён сабраў у сакваяж рукапісы, дзённікі, кінуў у агонь непатрэбнае.
Пасля поўдня два масты былі ўрэшце гатовыя. Імператар асабіста назіраў за работай. Тут жа былі спалены прапары і штандары палкоў. Арміі больш не існавала. Як і заўсёды ў прысутнасці імператара, сапёры з апантанасцю самазабойцаў у ледзяной вадзе завяршалі сваю справу. Кожны з іх адчуваў, што загіне. Генерал Эбле, які кіраваў работамі, вылез з вады, але на беразе страціў прытомнасць і зваліўся на рукі афіцэраў. Яго пацягнулі да вогнішча.
На другі бераг у ліку першых пераправіўся імператар са старой гвардыяй. За імі пацягнулася артылерыя, пяхота.
…Уведзеныя ў зман асноўныя сілы рускіх спяшаліся на месца сапраўднай пераправы, уступалі ў бой.
Казакі напалі, як заўсёды, нечакана.
— Божа, злітуйся над намі! — маліўся побач Жан Вірэ. Ён і Андрэ Дам’е схаваліся за возам, адстрэльваючыся з пісталетаў.